
Калі табе сумна, калі табе горка,
Калі ад дэпрэсіі ледзь не зароў, —
Згадай, як трывае Каменная Горка,
І ўспомні пра цьвёрдасьць яе жыхароў.
(Варыянт 1)
Хлапцоў-малайцоў і дзяўчат-весялух
Вітае мужны Зялёны Луг!
Зжалі, скасілі, скончылі працу —
Ну і на сена — гуляць, цалавацца!
-
(Варыянт 2)
Калі ты не асьлеп, калі ты не аглух,
Калі розум ня ў стане спачыну,
Выйдзі так, як выходзіць Зялёны Луг
Бараніць ад злачыну Айчыну.

Тут Каліноўцы рэй вядуць,
Тут косы — як званы.
Тут свой народ не прададуць,
Ня будзе тут вайны.
Неадольная, здольная, вольная,
Ад якой уцякае бяда, —
Гэта родная наша Камвольная
баяздольная грамада.
(Жыхары ваколіцы Камвольнага камбінату, дзе і я пражыў некалькі гадоў, за аснову свайго сьцяга ўзялі разбураную мазаіку «Буслы» Ўладзімера Стальмашонка і Гаўрылы Вашчанкі ў ДК Камвольнага камбінату. У 2012 годзе Дом культуры зачынілі на рэканструкцыю, мазаіку зьнішчылі.)
„Рыга“ — вольны раён,
Што гартуецца ў бітвах крывавых.
Слаўны ён, мужны ён —
І яму б Магдэбурскае права.
Выходзяць зноўку і зноўку
Сухарава калёны.
Сухаркі — скруткі ў вяроўках,
Як счэпкі супраць разгону.
(Назва не ад сухароў. Сýхаркі — тое самае, што сýкараткі „скручанае месца ніткі, вяроўкі“.)
Заўсёды годна і бліскуча
Сябе паказвае Уручча.
Шануем мудрых, дурняў вучым
Мы з нашым Цмокам неўміручым!
Ракаў спакойны, і ён не сьпяшаецца,
Але калі клюшняй ухопіцца —
Вораг, дзе ракі зімуюць, дазнаецца,
Калі перад гэтым ня ўтопіцца.
(Працяг будзе)