Хваласьпевы сьцягам — 2

(Працяг, пачатак тут.)
Хваласьпеў на герб — старадаўні жанр нашае паэзіі, зваўся ён на грэцкі лад епикграма (эпіґрама), клясыкі — Андрэй Рымша, Ян Казімер Пашкевіч. Яны апявалі гербы магнацкіх родаў. А сёньня заслужылі на хваласьпеў сьцягі беларускіх грамадаў — гарадоў і мястэчак, прадмесьцяў і ваколіц, якія паўсталі за сваю свабоду.
Працягваем. Спачатку раёны і ваколіцы МЕНСКУ.



Белая Вежа — вежа-данжон* —

Можа трымаць абарону бясконца.

Што ёй аблога, што ёй ражон,

Бо неслабыя ў яе абаронцы.

аколіцы скрыжаваньня вуліцы Багдановіча і праспэкту Машэрава, ад назвы былога рэстарану. *Данжон — умацаваная вежа, прыдатная для жытла.)


Залатая Горка не марудзіць,

У змаганьне йдзе і не дрыжыць

Сьмелыя і залатыя людзі

Тут жылі, жывуць і будуць жыць.

Дыхам заўтрашніх вятроў

Родны край атулены.

Груша — гэта для сяброў,

А для іншых — дуліна*!

(Грушаўка. Сьцяг аўтарства У. Цэсьлера. *Дуліна мае два значэньні: „груша звычайная“ і камбінацыя з трох пальцаў.)



Камароўка, Камароўка,

Нашай вольніцы сяброўка.

З джалам вострым, тонкім, гожым —

Верым, можам, пераможам!




Як ваша істота — на дзьве палавінкі,

Як вашы мазгі закіпаюць булёнам,

Як сьвет вам здаецца чырвона-зялёным —

Вас прымуць Навінкі! Вас возьмуць Навінкі!

(Да раёну Навінак і да шпіталю ходзіць аўтобус № 18)



Лепей нашы Шабаны

Не даводзьце да вайны!

Не жартуйце з Шабанамі,

Бо наклічаце цунамі!


(Рыю-дэ-Шабанэйру)


ГОМЕЛЬ


Дух баёвы, гарт народны,

Кожны мускул — булава.

Далучайся, Гомель родны,

Як ідзе Валатава!


СМАРГОНІ



Гісторыяй нашай сагрэтыя,

Мы крочым упэўнена сёньня.

За намі — вядомыя сьвету

Мядзьведзі і сушкі Смаргоняў.




(брэнды — мядзьведжая Смаргонская акадэмія, смаргонскія абаранкі)

Хваласьпевы сьцягам — 1

Хваласьпеў на герб — старадаўні жанр нашае паэзіі, зваўся ён на грэцкі лад епикграма (эпіґрама), клясыкі — Андрэй Рымша, Ян Казімер Пашкевіч. Яны апявалі гербы магнацкіх родаў. А сёньня заслужылі на хваласьпеў сьцягі беларускіх грамадаў гарадоў і мястэчак, прадмесьцяў і ваколіц, якія паўсталі за сваю свабоду.




Калі табе сумна, калі табе горка,

Калі ад дэпрэсіі ледзь не зароў, —

Згадай, як трывае Каменная Горка,

І ўспомні пра цьвёрдасьць яе жыхароў.





(Варыянт 1)
Хлапцоў-малайцоў і дзяўчат-весялух

Вітае мужны Зялёны Луг!

Зжалі, скасілі, скончылі працу —

Ну і на сена — гуляць, цалавацца!
-

(Варыянт 2)

Калі ты не асьлеп, калі ты не аглух,

Калі розум ня ў стане спачыну,

Выйдзі так, як выходзіць Зялёны Луг

Бараніць ад злачыну Айчыну.



Тут Каліноўцы рэй вядуць,

Тут косы — як званы.

Тут свой народ не прададуць,

Ня будзе тут вайны.



Неадольная, здольная, вольная,

Ад якой уцякае бяда, —

Гэта родная наша Камвольная

баяздольная грамада.


(Жыхары ваколіцы Камвольнага камбінату, дзе і я пражыў некалькі гадоў, за аснову свайго сьцяга ўзялі разбураную мазаіку «Буслы» Ўладзімера Стальмашонка і Гаўрылы Вашчанкі ў ДК Камвольнага камбінату. У 2012 годзе Дом культуры зачынілі на рэканструкцыю, мазаіку зьнішчылі.)



„Рыга“ — вольны раён,

Што гартуецца ў бітвах крывавых.

Слаўны ён, мужны ён —

І яму б Магдэбурскае права.


Выходзяць зноўку і зноўку

Сухарава калёны.

Сухаркі — скруткі ў вяроўках,

Як счэпкі супраць разгону.


(Назва не ад сухароў. Сýхаркі — тое самае, што сýкараткі „скручанае месца ніткі, вяроўкі“.)



Заўсёды годна і бліскуча

Сябе паказвае Уручча.

Шануем мудрых, дурняў вучым

Мы з нашым Цмокам неўміручым!



Ракаў спакойны, і ён не сьпяшаецца,

Але калі клюшняй ухопіцца —

Вораг, дзе ракі зімуюць, дазнаецца,

Калі перад гэтым ня ўтопіцца.





(Працяг будзе)

Старая добрая „Калыханка“ Бураўкіна. Актуальная вэрсія

Пагоня, Магутны Божа, Купалінка, Разбуры турмы муры, Перамен... На падыходзе, спадзяюся,Мы выйдзем шчыльнымі радамі,Зваяваным... Ды ці мала. Мана, што наш народ ня ведае беларускае мовы. Дарма казала Марыя Калесьнікава пра нейкае „агульнае ацечаства“ з падазронымі ўладнымі крымінальнікамі з усходу... Адэкватныя ўсходнія суседзі добра ведаюць, што ня можа адна й тая ж зямля, адна й тая ж тэрыторыя адначасна называцца Айчынай і „ацечаствам“. Розныя словы, розныя абшары, а найперш — розны зьмест, розны сэнс.

Але сёньня я не пра тое. Я пра песьні.

Вось жа загучала ў рэвалюцыйным паветры старая добрая Калыханка на словы Генадзя Бураўкіна й музыку Васіля Раінчыка. Загучала нечакана, але на поўны голас, бездакорна, прафэсійна. Загучала ля Дому Ўраду пад іскрыпку ў руках Тацяны Грыневіч, загучала на плошчы Перамогі, загучала ў іншых месцах. І людзі падхапілі. Ведаюць. Цэняць. Не памыляюцца. Многія пад яе засыналі некалі, у многіх дзеці-ўнукі засынаюць пад яе цяпер.

Пра аўтара музыкі нічога сказаць не магу. Яго не чуваць. Затое пра аўтара верша спадара Генадзя магу гаварыць гадзінамі, пагатоў што нашыя сем’і лучыць доўгае шчырае сяброўства. І калі б спадар Генадзь быў жывы, ён усім сваім талентам традыцыйна бараніў бы сёньня свой народ, як гэта цяпер робяць ягоныя жонка, дзеці і ўнукі.

Таму я паспрабаваў далучыцца да Калыханкі майстра сваім нясьмелым вучнёўскім голасам, і песьня загучала так:

Доўгі дзень,
Цёплы дзень
Адплывае за аблокі.
Чорны цень,
Злобны цень,
Неразумны, недалёкі,
Скача ў масцы на людзей,
На дарослых і дзяцей,
А яму ў адказ сьпяваюць
Штось такое найчасьцей:

Толькі так, толькі так
Лукашэнку ў аўтазак.

Пакрысе на расе
Патухаюць зоркі-сплюшкі.
Годна ўсе,
Сьмела ўсе
Не хаваемся ў падушкі.
Нават мышкі і стрыжы
І машыны на шашы
Сталі самі разам з намі
Супраць гвалту і ілжы.

Толькі так, толькі так
Лукашэнку ў аўтазак.

(no subject)

Пётра sadouski ўпадабаў вядомую ўкраінскую паўстанцкую песьню „Лента за лентою“ (тут выкананьне — Тарас Чубай). Сказаў, што нам такіх бракуе, і папрасіў мяне перакласьці.

Мая першая рэакцыя — чаму бракуе? Чаму нашыя людзі сьпяваюць „Пагоню“ й „Магутны Божа“ й не сьпяваюць гімн БНР „Мы выйдзем шчыльнымі радамі“?

А паводле „Ленти“ я зрабіў два тэксты. Па-першае, пераклад, а па-другое, зусім новы Беларускі тэкст.

СТУЖКА ЗА СТУЖКАЮ (пераклад)

Вось вечар вечарэе, паўстанца сэрца б’е,

А стужка набоі пасьпешна падае.

Рэфрэн:

Ах, стужка за стужкаю – набоі падавай,

Паўстанец Беларускі, ў баі не адступай!

Ах, стужка за стужкаю – набоі падавай,

Паўстанец Беларускі, ў баі не адступай!

А вораг атакуе і прэ з поўных сіл,

Юнак-кулямётнік іх спраўна скасіў.

Рэфрэн.

Ледзь сонца ўзышло, натамлёны юнак,

Паранены ўпаў ён, упаў ён няўзнак.

Рэфрэн.

Сьпяшае санітарка, ідзе да яго,

На твар паглядзела, пазнала свайго.

Рэфрэн.

Прыгледзеўся й ён, рана нішчыць, ды дарма:

Каля кулямёта дзяўчына лепш няма.

Рэфрэн.

А вораг атакуе, палын мяшае ў мёд.

І вось зайграў нанова аціхлы кулямёт.

Рэфрэн (2 разы).


СТУЖКА ЗА СТУЖКАЮ (новы Беларускі тэкст)

Ідуць Беларусы на праведны бой,

Ідуць без прымусу, бо чуюць за сабой:

Рэфрэн:

Ах, стужка за стужкаю набоі падавай,

Народ Беларускі, ваюй і наступай!

Ах, стужка за стужкаю набоі падавай,

Народ Беларускі, ваюй і наступай!

А першая стужка — нязломны супраціў,

Я ёю дарогу да волі скараціў.

Рэфрэн.

А стужка другая — мы разам, мы народ,

Што ворагам нашым спляце калючы дрот.

Рэфрэн.

А трэйцяя стужка, што зьвязвае нас, —

Набоі — словы мовы! Дык цісканем на газ!

Рэфрэн.

Тры стужкі-сымболі за нашу зямлю,

Якую я сам і шаную й люблю!

Рэфрэн:

Дык стужка за стужкаю набоі падавай,

Народ Беларускі, ваюй і наступай!

Дык стужка за стужкаю набоі падавай,

Народ Беларускі, ваюй і наступай!

З 2020-м ДНЁМ ВЕДАЎ

З 2020-м ДНЁМ ВЕДАЎ

Цяжэй за ўсё вучыць і навучыць,
І незвычайна лёгка павучаць...
Ды ёсьць адважны – той, хто не маўчыць,
А ёсьць нясьмелы – як не прамаўчаць?..

А, прамаўчаўшы, як сказаць затым:
Адкіньце страх! Радзіма кліча вас!
Няшчыра быць і грэшным і сьвятым
У той жа самы вызначальны час...

Настаўнік! Пэдагог! Навукаў бог
І незвычайных ведаў уладар,
Ён вучыць і вядзе да перамог,
Уласны прыклад – вось яго штандар.

А павучальнік... Гэты як павук:
Пляце цянёты, ловіць з-за вугла...
Ён раб з рабоў, яму не да навук...
Ён мікра-зло – прыслужнік мэга-зла.

Ня дайце злу ваш дух заваражыць,
Хай зьгіне мэркантыльнасьці чарвяк,
Ня дайце павучаць сябе, як жыць,
Як працаваць... Вы ж ведаеце, як!

1 верасьня 2020 году
Бэрнардаў гасьцінец

Lluís Llach. „L'estaca“ / Люіс Ляк. „Слуп“

У 1968 г. бард каталёнскага нацыянальнага і антыфранкісцкага руху Люіс Ляк напісаў песьню „Слуп“ (l'Estaca). На яе стварэньне барда натхнілі развагі старога цырульніка, незалежніка-вэтэрана Нарцыса Лянсы, які зьявіўся ў творы пад мяном дзеда Сызэта. Неўзабаве песьня „Слуп“ перарасла ў змагарскі гімн каталёнскіх незалежнікаў (ёсьць і нацыянальны гімн Segadors, дарэчы, больш ваяўнічы).
У Польшчы, за часы Салідарнасьці, бард Марэк Качмарскі, узяўшы за ўзор Слуп, напісаў сваю песьню Муры. Яна сталася і гімнам змаганьня, і творам-папярэджаньнем не рабецеся падобнымі да тых, каго скідаеце.
Сёньня Муры ў Хадановічавым перакладзе гучаць па ўсёй Беларусі.
Гэтую гісторыю распавёў мне Вінцук Вячорка і дадаў: Поўны пераклад клясычнай песьні змаганьня патрэбны (у тым ліку каб ушанаваць рэальнага першага аўтара; Качмарскі чамусьці яго амаль не называў).


Золкам на ганку я й Сызэт
Сонца чакалі былі,
А па дарозе сьледам у сьлед
Сонна павозкі паўзьлі.

Бачыш, Сызэт, мы да слупа
Ўсе прывязаныя тут...
Што нам, па-твойму, трэба зрабіць,
Каб уцячы ад пакут?

(Рэфрэн:)

Разам хістайма слуп стары
Ён жа няволіць нас, сябры.
Зараз ён храсьне, храсьне, храсьне
І парыне дагары.

Я пацягну яго сюды,
Ты пацягні яго туды
Ён не стрывае, храсьне, храсьне,
Будзе воля назаўжды.

***

Слухай, Сызэт, столькі часу прайшло,
Скура з далоняў спаўзла.
Слуп не слабее, і множыцца зло
Як жа пазбавіцца зла?

Слухай, Сызэт, слуп цяжкі як-ніяк,
Хоць і даўно спарахнеў,
Часам зьнясіленым чуюся я
Ты нагадай мне свой сьпеў.

R

Час праляцеў, Сызэт маўчыць,
Зьнёс яго вецер бяды,
Зьнік ён, няма каму болей вучыць,
Я ж і цяпер як тады.

З ганку на моладзь дзіўлюся сваю
І дзеля заўтрашніх дзён
Сёньня я песьню Сызэта пяю
Так, як вучыў мяне ён:

Разам хістайма слуп стары
Ён жа няволіць нас, сябры.
Зараз ён храсьне, храсьне, храсьне
І парыне дагары.

Я пацягну яго сюды,
Ты пацягні яго туды
Ён не стрывае, храсьне, храсьне,
Будзе воля назаўжды.

* * *

Няма ад праўды драпака:
Мы маем блуд і скрыпку.
Мы далі сьвету Рыбака,
Мы далі сьвету Рыбку.
            6 траўня 2020 г.
            Бэрнардаў.

Памяці майго, толькі што памерлага ад каранавірусу, стрыечнага брата Аляксандра Кільдзеева

Моладзь 70-ых.
Клёшавая, патлатая,
З бабінна-вінілавай музыкай,
З ВЭФамі і “Акіянамі”.
Ня гэная, што чарніліла,
Паветра гноячы матамі,
А тая, што спрэс гітарыла
Ад прывіднай волі п'яная.

Пад ціскам ідэалёгіі
Камуністычнай браціі
Па-свойму супраціўлялася,
Насуперак жывучы.
Міліцыянты строгія
Бяссэнсава сілы трацілі,
ГБэшнікі нарываліся
На брацкі закон: “Маўчы!”

Даводзячы праўду бойкамі,
Жылі між маны – бязмоўнымі,
“Калхозьнікаў” не любілі бо:
Трасянка і прымітыў.
Нікчэмнаснасьць і героіка
Змаганьнем сусьвет наш поўнілі,
Змаганьнем за ўласны лёс або...
І сьніцца мне той матыў.

Сыходзім... Зарана можа быць...
Пасьпеўшы... Відаць, замала ўсё ж...
Кароны з галоваў зьнятыя,
Ня зьнятая з “галавы”.
Пакінуўшы сьвет няўгожаны,
Пусьціўшы сябе і край пад нож,
І сумна 70-ыя
Глядзяць на наш сьвет сівы...

                28 красавіка 2020 г.
Бярнардаў гасьцінец.

* * *

Як добра адгарадзіцца і
Жывымі дайсьці да відна.
Ды толькі ў нас, па-традыцыі,
Бяда не прыходзіць адна,

Бяда не бывае бяз складнікаў,
Бяда галадае бязь іх.
І крочаць мільёны закладнікаў
У пекла са сховаў сваіх.

На мове, самімі ж абранага,
Малітвы і стогны гучаць
Самога сабой пакаранага
Майстэрствам публічна маўчаць.

І вось ён паўзе ў безнадзейнасьці,
Хоць крычма гукай, вар’яцей,
І ўпарта, гадамі бязьдзейнасьці,
Сваіх забівае дзяцей.

        27 красавіка 2020.
        Бярнардаў гасьцінец

Нарэшце

Нарэшце ў барацьбе супраць каранавірусу пазначыўся прагрэс!
Перад тым нашчадкі памерлых ад каранавірусу спрабавалі паставіць дыктатара на месца нейкімі незвычайнымі спосабамі...
У Віцебску памёр Уладзімер Сідараў.
Лукашэнка адкамэнтаваў:
“ – Шарстнёў (губернатар Віцебскай вобласці. - Заўвага.) учора мне далажыў, апошні выпадак у яго быў. Пытаюся, ну чаму гэты ў цябе памёр? А ён кажа: «Аляксандр Рыгоравіч, а як можна жыць з 135 кг вагой?» Сэрца амаль не працуе, гэта не працуе, гэта баліць, то баліць, букет хвароб. І вірус атакуе слабых, у якіх няма імунітэту, ну і яму за 70 гадоў было”.
Абражаны й пакрыўджаны сын нябожчыка Андрэй тут жа напісаў ліст у адказ. Там ён проста пераказаў станоўчую біяграфію памерлага й падпісаўся: “Шчыра ваш, сын Бацькі”.
Годны адказ, праўда? Прынамсі, паводле камэнтароў да паведамленьня, адказ ня толькі годны, а яшчэ й вельмі культурны, чаго, ізноў жа паводле камэнтароў, дыктатару не зразумець... Да гэтага “не зразумець” хачу дадаць яшчэ адно, ужо сваё, неразуменьне. Я не разумею як бацька, камандзір карабля зь ядзернай зброяй, шахматыст, аўтааматар, выхавацель унукаў і іншае мог выхаваць такога спакойнага, безабароннага й пасыўнага сына?
І вось цяпер новы спосаб!
Ад майго земляка з Наваполацку Аляксандара Матвеева. Ён падаў на Лукашэнку ў суд: “Патрабую распачаць крымінальную справу ў дачыненні да Лукашэнкі Аляксандра Рыгоравіча, 30.08.1954 г. н., нараджэнца пас. Копысь, Рэспубліка Беларусь. Які, знаходзячыся на пасадзе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, не ўжыў неабходных захадаў для абароны насельніцтва ад распаўсюджвання асабліва небяспечнага вірусу, у выніку чаго 02.04.2020 года ў абласной клінічнай лякарні горада Віцебска памерла Матвеева Лідзія Дзьмітрыеўна”.
Камэнтатары падхапілі гэты пачын і заклікалі ўсіх далучыцца й падаць у суд падобныя заявы. Дзякуй. Цудоўна. Як казаў восьлік Іа: “Вось і імянінны торт у ружовай глазуры, вось і сьвечкі на ім”.
Вядома, калі азірнуцца й уважліва пераглянуць гісторыю чалавецтва – можна пераканацца, што яна спрэс запоўненая прыкладамі, калі мільёны заяваў у праваахоўныя ворганы прыводзілі дыктатараў на лаву падсудных...
Наіўная, добрая і шчырая вера ў справядлівасьць ня могуць не падкупляць. Такія людзі вельмі патрэбныя краіне й народу, але ня зараз. Калі? Ну хіба што пасьля перамогі... Не над вірусам...